У сталіцы Літвы ўвечары 27 сакавіка здарыўся буйны пажар. Гарэў аўтамабільны сметнік. Пажар тушылі 11 гадзінаў да самай раніцы, паведамляе рэсурс «Delfi».
Пажар на вуліцы Паняру ў Вільні пачаўся 27 сакавіка. Пра яго паведамілі а 18:32 мясцовага часу. Лакалізаваны пажар быў а 22:20. Але толькі 28 сакавіка а 05:32 пажарныя паведамілі пра ліквідацыю пажару. Тушэнне заняло 11 гадзінаў.
«На месцы здарэння ўсю ноч працавала каля 60 пажарных-ратавальнікаў, цяпер застанецца некалькі дзяжурных экіпажаў», – сказаў прадстаўнік Дэпартаменту пажарнай бяспекі і выратавання Данатас Гуравічус.
Паколькі пажарныя выкарыстоўваюць ваду з гідрантаў, частка вуліцы Паняру надалей закрытая, там дзяжурыць паліцыя.
Пажарныя здолелі выратаваць ад агню тры склады і прамысловыя будынкі. Таксама атрымалася спыніць распаўсюд агню ў бок складу кампаніі ESO, дзе захоўваюцца вялікія трансфарматары (у іх – тоны алівы).
Пры пажары ніхто не пацярпеў.
Дым ад пажару на аўтасметніку таксічны, таму навучальна-выхаваўчым установам, размешчаным у радыусе двух кіламетраў ад месца пажару, 28 сакавіка рэкамендуецца працаваць дыстанцыйна.
Якуб Хруст belsat.eu