На выездзе з Беларусі ў Польшчу, Літву і Латвію сабралася 3400 грузавых аўтамабіляў да 16 гадзінаў 26 сакавіка. Такія звесткі прыводзіць Дзяржпамежкамітэт Беларусі.
Самыя вялікія чэргі на выездзе ў Літву. У «Каменным Логу» чакаюць 1130 аўтамабіляў, у «Беняконях» – 1110.
Яшчэ 820 грузавікоў чакаюць уезду ў Латвію на прапускным пункце «Грыгароўшчына» – 820 машын.
У Польшчу чарга меншая – 350 машын на прапускным пункце «Казловічы».
Беларуская памежная служба часта скардзіцца, што службы суседніх краін павольна афармляюць грузавы транспарт. Літоўцы адказваюць, што «беларускі бок пакуль не прыстасаваўся» да працы ў новых умовах, калі большасць пунктаў пропуску закрытыя.
На мяжы з Літвой працуюць толькі два з шасці пунктаў пропуску. Два Літва закрыла яшчэ ў жніўні 2023 года, а яшчэ два – 1 сакавіка 2024 года.
З польскага боку таксама дзейнічаюць толькі два з шасці пунктаў. Адзін з пераходаў – «Бераставіцу» – Польшча закрыла пасля таго, як у Беларусі пакаралі 8 гадамі пазбаўлення волі журналісту, актывісту Саюзу палякаў Беларусі Анджэю Пачобуту.
Латвія закрыла адзін з двух пунктаў пропуску («Урбаны») у верасні 2023 года з-за плыні нелегальных мігрантаў, якія раней часцей выбіралі ісці ў Польшчу.
У жніўні 2023 года міністры ўнутраных спраў Польшчы, Літвы, Латвіі абмяркоўвалі пытанне поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю. Гэта адбывалася на фоне прысутнасці ў Беларусі баевікоў ПВК«Вагнер».
Арсен Рудэнка belsat.eu