Ядравая зброя, мір на ўмовах Расеі і баявыя камары. Пра што кажуць на другім дні УНС


Першы дзень «Усебеларускага сходу» скончыўся амаль адзінагалосным выбраннем Аляксандра Лукашэнкі старшынём сходу, выбраннем у Прэзідыум чыноўнікаў другога і трэцяга эшалонаў. У другі дзень, 25 красавіка, пасля трох гадзінаў агітацыі адзінагалосна ўхвалілі Ваенную дактрыну і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі.

Аляксандр Лукашэнка на другім дні «Усебеларускага сходу»
Аляксандр Лукашэнка на другім дні «Усебеларускага сходу». Менск, Беларусь. 25 красавіка 2024 года.
Скрыншот: БелТА / Youtube

У першы дзень сходу дэлегаты праслухалі дзве прамовы Аляксандра Лукашэнкі, прагаласавалі за старшыню сходу (за Лукашэнку – 1157 дэлегатаў з 1158, іншых кандыдатаў не было) і за Прэзідыум (у якім не аказалася сілавікоў, толькі не самыя значныя чыноўнікі, як дырэктар «Віцебскаблгазу» ці рэктар БДУІР).

Другі дзень сходу пачаўся з прамовы Аляксандра Лукашэнкі, працягнуўся выступамі з запужваннем вонкавымі пагрозамі і заклікамі ўхваліць Канцэпцыю і Дактрыну. Агулам гэта цягнулася тры гадзіны.

За Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі (праект ужо публікавалі – вядома, што ў ім) і Вайсковую дактрыну (пра яе ёсць толькі ўскосныя звесткі, як то пра тое, як там прапісалі ўжыванне ядравай зброі) галасавалі ўздыманнем картак проста ў залі. За іх прагаласавалі адзінагалосна – Лукашэнка нават прасіў падняцца тых, хто супраць ці ўстрымаўся, ахвочых не знайшлося.

Hавiны
«Усебеларускі сход» адзінагалосна ўхваліў Вайсковую дактрыну і Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі
2024.04.25 14:14

Пра што казаў Лукашэнка: кругом ворагі і эскалацыя

Лукашэнка пачаў выступ з таго, што ўчора дэлегаты «някепска адпачылі, паглядзелі канцэрт». Хваляваўся, што пасля ўчорашняга дэлегатам будзе цяжка слухаць выступы. Але прасіў вытрываць, «як бы ні было цяжка».

У сваёй прамове Лукашэнка зноў распавёў пра сваё бачанне геапалітыкі, «ваенна-палітычную абстаноўку ў рэгіёне», рызыкі і пагрозы ў бліжэйшым дзесяцігоддзі. Сітуацыю ён назваў «крызіснай з перадумовамі да глабальнага канфлікту». Асноўная рызыка – вайна ва Украіне, у якую «Вашынгтон» (то бок Злучаныя Штаты) хоча ўцягнуць Беларусь, казаў Лукашэнка, які яшчэ два тыдні таму ганарліва называў сябе суагрэсарам у гэтай вайне.

Слухачы «Усебеларускага сходу»
Слухачы «Усебеларускага сходу». Менск, Беларусь. 25 красавіка 2024 года.
Скрыншот: БелТА / Youtube

Лукашэнка згадаў, што Украіна мае дэфіцыт боепрыпасаў, але атрымала ад Злучаных Штатаў пакет дапамогі на больш як 60 млрд долараў – казаў, гэтую дапамогу не маглі не даць, бо праз яе хочуць яго і Расею «апусціць і аслабіць», учыніць эскалацыю.

«Ператварылі саму Украіну ў наркамана, якога трымаюць на кароткім павадку абяцаннямі новых дозаў дадатковых узбраенняў, у тым ліку дальнабойных сродкаў паражэння, і фінансавых уліванняў», – апісаў Лукашэнка падтрымку Украіны саюзнікамі ва ўмовах нападу Расеі.

На думку Лукашэнкі, украінцы «бягуць ад вайны», ім «вайна надакучыла», але войскі NATO хочуць «ваяваць да апошняга ўкраінца». Украінскіх вайскоўцаў, перакананы Лукашэнка, кідаюць на фронт без навучання і кідаюць у тое, што называюць «мяснымі штурмамі». Праўда, гэтую фразу ўжываюць адносна расейскай тактыкі на полі бою.

Абноўлена
«Ніхто акрамя нас», англасаксы і страшныя 1990-я. Што казаў Лукашэнка «Усебеларускаму сходу»
2024.04.24 13:59

Лукашэнку асабліва непакоілі далёкабойныя ракеты «ATACMS», якія Украіна ўжо атрымала ад ЗША. Праўда, Лукашэнка назваў іх неразборліва – словам,  падобным да «атакус». Пазней у прамове ён таксама назаве гэтыя ракеты «атамсамі». Таксама «рэальнай пагрозай» ён бачыў амерыканскую базу супрацьпаветранай абароны ЗША на тэрыторыі Польшчы, бо адтуль могуць запускаць крылатыя ракеты «Tomahawk» (іх Лукашэнка назваў правільна).

Таксама Лукашэнку непакоілі і ўдары Украіны па нафтаперапрацоўчых заводах Расеі. Але, запэўніў Лукашэнка, Расея мае рэзервы. Прасоўванне Расеі на фронце Лукашэнка назваў «вызваленнем», але, на ягоную думку, прасоўванне павольнае, утварыўся цугцванг, патавая сітуацыя.

Ён заклікаў заключыць мірную дамову, распачаць перамовы, адштурхнуўшыся ад стамбульскіх дамоваў. Прапанаваў «згуляць у нічыю» і назваў украінскую формулу міру нерэалістычнай: расейцы не сыдуць з акупаваных Крыму і Данбасу, для іх гэта непрымальна.

Слухачы «Усебеларускага сходу»
Слухачы «Усебеларускага сходу». Менск, Беларусь. 25 красавіка 2024 года.
Скрыншот: БелТА / Youtube

Ва ўяўленні Лукашэнкі для «амерыканцаў» праціўнікі – не толькі Расея і Кітай, але і Еўразвяз. У вайну, паводле яго, хочуць уцягнуць таксама Індыю і Аўстралію. І ва Украіне, на ягоную думку, ваююць шматлікія грамадзяне дзяржаваў Еўразвязу. А нядаўна, распавядаў Лукашэнка, Расея нанесла ўдар па ўкраінскіх пазізцыях, дык загінулі дзясяткі палякаў – Лукашэнка спытаў, ці чуў хтосьці пра гэта (а пра гэта «чулі» толькі расейскія дзяржаўныя медыі).

«Памятаеце, яны нас увесь час папракалі ў тым, што мы размясцілі ядравую зброю на тэрыторыі Беларусі? Значыць, мы будзем падвергнутыя першаму ўдару, калі адбудзецца сутыкненне, – казаў Лукашэнка. – А самі Польшча і Прыбалтыка наогул аддалі свае тэрыторыі для таго, каб іх цалкам мілітарызаваць і стварыць там апорныя пункты для атакі на ўсходзе».

Лукашэнка не дапускаў, што Польшча і краіны Балтыі маюць нейкую суб’ектнасць як чальцы NATO і могуць самі хацець размяшчэння войскаў саюзнікаў на сваёй тэрыторыі. Ён адзначыў: маштабныя вучэнні сведчаць, што NATO «разглядае наш рэгіён як тэатр ваенных дзеянняў» і бачыць праціўнікамі Расею і Беларусь, але не згадаў, хто ў гэтым сцэнары патэнцыйны нападнік. Ён запэўніваў, што «мы не збіраемся з імі ваяваць, з тэрыторыі Беларусі яны не мусяць чакаць ніякіх актыўных агрэсіўных дзеянняў». Так жа беларускія сілавікі запэўнівалі Украіну, што нападу з боку Беларусі не будзе, за дзень да таго нападу.

Ён паўтарыў заяву пра тое, што ў Еўропе на пастаяннай аснове дыслакаваныя звыш 64 тысяч амерыканскіх вайскоўцаў («амаль беларуская армія», адзначыў ён) і больш за 33 тысячы «натаўскіх салдатаў». Ён, як і раней, казаў аб гэтым так, нібы ці то ўсе гэтыя войскі, ці 20 тысяч з іх, стаяць на мяжы Беларусі, хоць напраўду амерыканскія вайскоўцы знаходзяцца ў розных частках Еўропы.

Слухачы «Усебеларускага сходу»
Слухачы «Усебеларускага сходу». Менск, Беларусь. 25 красавіка 2024 года.
Скрыншот: БелТА / Youtube

Лукашэнка пытаў: «Што яны тут робяць? Якую Амерыку яны бароняць тут?» На думку Лукашэнкі, яны трэнуюцца ўжываць ядравую зброю супраць Беларусі, «паскоранымі тэмпамі мадэрнізуюць» тактычную ядравую зброю.

Лукашэнка зазірнуў у кішэню палякаў: апісаў, як Польшча абнаўляе войска, ацаніў гэта так: з кожнага паляка, у тым ліку немаўлятаў, возмуць па 4 тысячы долараў. Падрабязнасці, паабяцаў ён, заўтра апублікуюць у «Советской Белоруссии» (імаверна, ён меў на ўвазе не сатырычны Telegram-канал пад гэтай назвай, а старую назву газеты «СБ. Беларусь сегодня»).

Абнаўляецца
Сікорскі: рэжым у Менску васальны Расеі, паправіць стасункі з ім немагчыма
2024.04.25 11:38

Таксама Лукашэнка згадаў, што ва Украіне на мяжы з Беларуссю (адкуль у 2022 годзе атакавалі расейскія войскі) чамусьці стаіць значная групоўка ўкраінскага войска, каля 120 тысяч чалавек, збудаваныя абарончыя рубяжы, трывае пастаянная выведка.

Паводле словаў Лукашэнкі, Святлана Ціханоўская і Павел Латушка (якіх ён назваў каверканымі мянушкамі) «заклікалі знішчыць Беларусь». Ад імя кагосьці з іх ён «прывёў цытату»: «Беларусь застаецца апошняй краінай, дзе ўжываецца смяротнае пакаранне. Яе неабходна знішчыць». Напраўду Ціханоўская заклікала скасаваць смяротнае пакаранне разам з рэжымам Лукашэнкі, а не «знішчыць Беларусь».

Таксама, паводле словаў Лукашэнкі, план «Перамога» перарабляюць у «Перамога 2.0» з акцэнтам на нацыянальна-вызваленчы рух на тэрыторыі Беларусі, ужо «выяўляюць падпольшчыкаў». І «па той бок мяжы амерыканцы рыхтуюць вызваленчае войска», у аснове якога мае быць полк Каліноўскага (у якім, па словах Лукашэнкі, адбыўся раскол праз палітыку) і іншыя фармаванні – Беларускі добраахвотніцкі корпус і Рускі добраахвотніцкі корпус. Але чамусьці, адзначыў Лукашэнка, ягоныя праціўнікі занятыя выбарамі ў Каардынацыйную раду. І, перакананы Лукашэнка, беларускія ваяры ва Украіне – «не ідэйныя барцы, а найміты і здраднікі».

Сярод іншага Лукашэнка заявіў, што з-пад Віцебску да заходняй мяжы Беларусі былі перакінутыя некалькі батальёнаў «з гатовасцю выхаду з месцаў дыслакацыі на працягу трох гадзін».

Інтэрв’ю
Чаму Лукашэнка зацікавіўся сувальскім калідорам? Інтэрв’ю з польскім палітолагам
2024.03.29 18:04

Пра што казалі астатнія: ад ядравай зброі да баявых камароў

Пасля свайго выступу ён прапанаваў заслухаць выступ пра Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі Дзяржаўнага сакратара савету бяспекі Аляксандра Вальфовіча, пра Вайсковую дактрыну – міністра абароны Віктара Хрэніна. Таксама прапанаваў паслухаць старшыню Камітэту дзяржаўнай бяспекі Івана Церцеля.

Вальфовіч распавядаў: Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі абнавілі больш як на 70 %, абмеркавалі з беларускімі навукоўцамі і на 80 дыскусійных пляцоўках з удзелам працоўных калектываў, навучальных установаў і рэлігійных канфесіяў, «дайшлі да кожнай раённай газеты», прынцыповых пытанняў ад грамадзянаў не было.

Даклад Вальфовіча быў прысвечаны пераважна бюракратычным фармулёўкам у дакуменце, як то «выкарыстанне тэхналогіяў разумнай сілы дзеля рэалізацыі каляровых рэвалюцыяў». Сярод важных пастулатаў – «электаральны суверэнітэт». Сярод стратэгічных нацыянальных інтарэсаў – «неабходнасць сусветнай абароны народу Беларусі як унікальнай гістарычнай супольнасці», «патрыятычнае выхаванне грамадзянаў» і «захаванне сямейных каштоўнасцяў». Сярод рызыкаў – «заходнія біялабараторыі».

Вальфовіча пыталі пра «ўкраінскіх дыверсантаў» (нічога канкрэтнага ён не адказаў), далёкасць гарызонтаў прагназавання ў канцэпцыі (адказаў: мінімум гадоў на дзесяць). Лукашэнка заклікаў дэлегатаў усё ж пачытаць канцэпцыю, а тое вунь дэпутаты не чытаюць нецікавыя ім законы.

Слухачы «Усебеларускага сходу»
Слухачы «Усебеларускага сходу». Менск, Беларусь. 25 красавіка 2024 года.
Скрыншот: БелТА / Youtube

Хрэнін расказаў пра абнаўленне Вайсковай дактрыны. Сказаў сярод іншага, што ў дактрыне «закрылі белыя плямы ў пытаннях выкарыстання ваеннай сілы ў мірны час», згадаў «жэстачайшы санкцыйны ціск», ацэнку імавернасці «развязвання ўнутранага канфлікту» ў Беларусі сіламі палка Каліноўскага і «рэгіянальныя амбіцыі кіраўніцтва Польшчы».

Градацыя пагрозаў, адзначыў Вальфовіч, фармуе прававую аснову да прэвентыўных атак, каб можна было «не чакаць моманту, калі напад на Рэспубліку Беларусь ужо непазбежны». Важны пасыл дактрыны, паводле яго, такі: Беларусь не ставіцца ні да якога народу як да ворага, незалежна ад дзеянняў урадаў, і гатовая быць пляцоўкай для мірных перамоваў, але гатовая да прэвентыўнай атакі дзеля перадухілення агрэсіі.

Хрэніна пыталі пра тлумачэнне ў Вайсковай дактрыне неабходнасці размяшчэння ў Беларусі ядравай зброі (той адказаў, што Будапешцкі мемарандум парушаны агрэсіўнай палітыкай несяброўскіх краінаў, але не згадаў, што парушальнікам была Расея), пра пагрозу скатывання Беларусі ў гонку ўзбраенняў (адказаў, што «выбіраем іншыя формы і спосабы» абароны, каб не быць уцягнутымі ў гонку, у тым ліку размяшчэнне расейскай ядравай зброі).

Аляксандр Лукашэнка на другім дні «Усебеларускага сходу».
Аляксандр Лукашэнка на другім дні «Усебеларускага сходу». Менск, Беларусь. 25 красавіка 2024 года.
Скрыншот: БелТА / Youtube

Лукашэнка падтрымаў Хрэніна: «Пытанне не ў тым, каб лоб у лоб стаяць і страляць адзін у аднаго», таму і «абдымаўся з ядравай боегалоўкай», пакуль не вывелі стратэгічную ядравую зброю, шкадаваў, як у 1990- «рэзалі на кавалкі» танкі і БМП, забараніў вывозіць на пераплаў кавалкі тэхнікі і вярнуў ядравую зброю, але ўжо тактычную. І не каб падставіць Беларусь пад удар, а таму, што Беларусь «запісалі ў суагрэсары». Згадаў Другую сусветную вайну і цяжкае жыццё ў акопах ва Украіне – і запэўніў, што вайны не хоча.

Затым каротка выступіў прадстаўнік Акадэміі навук Алег Баранаў, які распавёў пра «заходнія біялабараторыі», у якіх нібыта ўжо выпрабавалі біялагічную зброю, у тым ліку камароў, якія могуць разносіць інфекцыйныя захворванні.

Слухачы «Усебеларускага сходу».
Слухачы «Усебеларускага сходу». Менск, Беларусь. 25 красавіка 2024 года.
Скрыншот: БелТА / Youtube

Пасля яго далі слова Церцелю, які распавёў пра «страту суверэнітэту» Украінай, укараненне ў галовы Беларусаў «чужых заходніх каштоўнасцяў, якія размываюць устоі нашага грамадства», стварэнне ў Вільні, Варшаве і Кіеве «паводле прыкладу гітлераўскай Нямеччыны марыянеткавых структураў, задзейнічаных у праектах па зрынанні дзейнай улады» ў Беларусі – будучыя акупацыйныя ўлады для Беларусі, «пракладкі замежных спецслужбаў».

Сярод іншага Церцель распавёў, што КДБ «правёў шэраг вострых чэкісцкіх мерапрыемстваў, якія дазволілі перадухіліць нанясенне ўдараў баявымі дронамі з тэрыторыі Літвы па абʼектах у Менску і яго прыгарадах». Прадстаўнік Дэпартамента стратэгічных камунікацый Узброеных сілаў Літвы зняпраўдзіў гэтую заяву. Таксама Церцель заяўляў, што «Кіберпартызаны» рыхтавалі атакі на БелАЭС – хакеры ж адказалі, што «працуюць, каб ратаваць жыцці беларусаў, а не знішчаць, у адрозненне ад рэжыму Лукашэнкі».

Hавiны
«Гэта трызненне». Літва зняпраўдзіла заяву Церцеля пра атаку беспілотнікаў
2024.04.25 17:05

Церцель згадаў Паспалітае рушэнне, колькасць якога ацаніў у 300 чалавек, і сказаў, што ў Польшчы разглядаюць стварэнне «Беларускай вызваленчай арміі». Распавёў, што за мінулы год спынілі звыш 40 каналаў перакідвання зброі ў Беларусь з Украіны, ліквідавалі «рэзідэнтуры ўкраінскіх спецслужбаў» у Драгічынскім, Лоеўскім і іншых раёнаў, каля 20 чалавек, і школьнікаў, якія нібыта збіраліся падарваць Баранавіцкі РАУС.

Агулам ва Украіне, дадаў ён, падрыхтавалі «да тысячы баевікоў», якія збіраюцца захапіць нейкі памежны горад Беларусі і паставіць там акупацыйную адміністрацыю. Супраць «тэрарыстаў», адзначыў Церцель, «дзейнічаюць паводле законаў ваеннага часу», «ёсць і забітыя, і параненыя».

Слухачы «Усебеларускага сходу»
Слухачы «Усебеларускага сходу». Менск, Беларусь. 25 красавіка 2024 года.
Скрыншот: БелТА / Youtube

Лукашэнка прасіў усіх дэлегатаў данасіць пра меркаваных дыверсантаў, якія заязджаюць не толькі з Украіны, але і з Польшчы і Латвіі (Літву не згадаў), і вязуць, цытата, «сотні выбухоўкі». Звярнуў увагу таксама на кібератакі і на тое, што некаторыя чыноўнікі гадамі не мяняюць паролі на сваіх камп’ютарах. Тым, хто «збіраецца нападаць на Беларусь», Лукашэнка прыгразіў: «Вы вельмі моцна шкодзіце сваім родзічам», якія застаюцца ў Беларусі. І параіў забыць пра маёмасць на тэрыторыі Беларусі.

Пасля выступіў прапагандыст і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін, які адзначыў згадкі ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі «электаральны суверэнітэт» і «следаванне асобных дзяржаваў у неанацысцкім ідэалагічным фарватары». За ім дырэктарка Браслаўскай гімназіі Алена Гірон, якая казала пра вонкавыя пагрозы і «немагчымасць захавання міру без гатовасці да вайны», хваліла Лукашэнку за тое, што жыве ў «мірнай краіне». Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Бузін казаў пра стаўку праціўнікаў Беларусі на дроны, штучны інтэлект, касмічныя сістэмы, «ментальную і кіберзброю», насуперак іншым казаў, што ў Вайсковай дактрыне крыніцамі пагрозаў называюцца ЗША, NATO, Польшча і краіны Балтыі.

Агляд
Столькі хайпу, а прапагандыст заснуў. Крынж лукашэнкаўскага «Усебеларускага сходу»
2024.04.24 18:39

Што гэта за сход

Дэлегатамі сходу выбралі 1200 чалавек, але тыя выбары прайшлі без удзелу звычайных беларусаў (сход праводзяць пад лозунгам «Время выбрало нас»). Але, паводле дзяржаўных медыяў, на сход даехалі 1159 дэлегатаў (анансавалі 1162) і 700 госцяў без права голасу.

Лукашэнка праводзіў «Усебеларускі сход» з 1996 года, але да зменаў у Канстытуцыю 2022 года гэты сход не меў аніякіх паўнамоцтваў і быў простай трыбунай для выступаў Лукашэнкі. Цяпер «Усебеларускі народны сход» як канстытуцыйны орган улады мае ўносіць прапановы ў зменах у Канстытуцыю, развязваць пытанні легітымнасці выбараў, прымаць рашэнні пра змяшчэнне прэзідэнта ці ўвядзенне ваеннага становішча, прызначаць суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў.

Але фактычна канфігурацыя рэжыму Лукашэнкі не змянілася: Лукашэнка пераклаў уладу з адной кішэні ў другую.

Аналітыка
«Недзе ўбаку» і без палітбюро. Чаму Лукашэнка не стаў змяняць канфігурацыю свайго рэжыму
2024.04.25 06:10

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў