Сваякам якіх эмігрантаў прыгразіў Лукашэнка на Усебеларускім сходзе


Аляксандр Лукашэнка на другім дні Усебеларускага сходу пагражаў шмат каму. Сярод іншага – сваякам палітычных эмігрантаў. Дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА інтэрпрэтавала гэта як пагрозу ўсім, хто з’ехаў з Беларусі. Але з прамовы выглядае, што ў Лукашэнкі ёсць прыярытэтныя цэлі.

Аляксандр Лукашэнка на другім дні Усебеларускага сходу. Менск, Беларусь. 25 красавіка 2024 года.
Фота: president.gov.by

Выглядае, што пагроза тычылася перадусім сваякоў ваяроў ва Украіне, удзельнікаў Паспалітага рушэння і іншых арганізацыяў, якія Аляксандр Лукашэнка лічыць пагрозай сабе. Падобна, ён таксама бачыць пагрозу з боку «Кіберпартызанаў», з насцярожанасцю ставіцца да выбараў у Каардынацыйную раду.

«Хачу сказаць вельмі такую радыкальную такую рэч, – казаў Лукашэнка. – Вось усе тыя, хто збіраецца нападаць на Беларусь і рыхтуюцца там, не забывайце, што вы вельмі моцна шкодзіце сваім родзічам».

«Не забывайце, што ў вас нейкая маёмасць тут ёсць. Раю ўжо забыць пра гэтую маёмасць. Але не стаўце пад удар сваіх родзічаў. Не буду далей працягваць – ведаеце, ува што гэта можа выліцца».

Лукашэнка казаў гэта пасля выступу старшыні Камітэту дзяржаўнай бяспекі Івана Церцеля, які пужаў замежнымі ўзброенымі фармаваннямі беларусаў і ўкраінскімі дыверсантамі.

Лукашэнку гэты выступ моцна ўсхваляваў. Ён прасіў усіх дэлегатаў данасіць пра меркаваных дыверсантаў, якія заязджаюць не толькі з Украіны, але і з Польшчы і Латвіі (Літву не згадаў), і вязуць, цытата, «сотні выбухоўкі». Звярнуў увагу таксама на кібератакі і на тое, што некаторыя чыноўнікі гадамі не мяняюць паролі на сваіх камп’ютарах.

Па словах Лукашэнкі, дыверсійныя групы фармуюць з беларусаў, якія ў Беларусі жылі бязбедна, але за мяжой не знайшлі працы. За «амерыканскія грошы, нямецкія, французскія, англічане» будучым дыверсантам даюць заданне: «Ружжо бярыце, трэнуйцеся, пранікайце ў Беларусь-Расею і ўзрывайце, […] мачыце прэзідэнта, дзяцей, сем’і, хто бліжэй, сілавікоў».

Лукашэнка назваў у ліку пагрозаў полк імя Кастуся Каліноўскага, харугвы Паспалітага рушэння і Беларускі добраахвотніцкі корпус, які, па словах Лукашэнкі, атакаваў Белгародскую вобласць Расеі разам з Рускім добраахвотніцкім корпусам і вайскоўцамі Украіны (апошніх, казаў Лукашэнка, была бальшыня). Дэмакратычныя сілы (у якіх «а там ад гэтай дэмакратыі нічога не засталося, гэта злачынцы і бандыты» плануюць захапіць Кобрынскі раён і ўвесці туды войскі NATO.

Абноўлена
Ядравая зброя, мір на ўмовах Расеі і баявыя камары. Пра што кажуць на другім дні УНС
2024.04.25 11:06

Але пад пагрозай не толькі сваякі ваяроў і хакераў

Пераслед сваякоў за дзеянні іх блізкіх незаконны, але даўно практыкуецца ў Беларусі. І тычыцца не толькі ваяроў, сваякам якіх чыняць допыты і пагромы (часам і проста б’юць), але і вядомых палітычных актывістаў. Так, за кратамі сын Анатоля Лябедзькі, жонка Ігара Лосіка і стрыечны брат Паўла Латушкі, пад арышт кідалі жонку Міколы Статкевіча і дачку Рыгора Кастусёва… Таксама ў няволі, на «прымусовым лекаванні» ўдава Андрэя Зельцара – звычайнага айцішніка, забітага сілавікамі ва ўласнай кватэры.

Асобна ад гэтага ў студзені-лютым прайшла хваля ператрусаў і арыштаў сваякоў менш вядомых палітвязняў, якія атрымлівалі харчовую дапамогу праз ініцыятыву «INeedHelp». У гэтым выпадку пераслед не залежаў ад вядомасці самога палітвязня, супраць сваякоў якога былі скіраваныя рэпрэсіі.

Канфіскацыі кватэраў адбываюцца радзей за пагромы і пераслед сілавікоў. Пераважна кватэры адбіраюць у вядомых актывістаў – як то ў сем’яў Ціханоўскіх і Цапкалаў. Але 20 сакавіка Следчы камітэт паведаміў, што завёў крымінальную справу на прадстаўнікоў аб’яднанняў беларусаў за мяжой, «Народных амбасадаў» і «Беларусаў замежжа», і ў іх таксама хоча забраць кватэры. Акрамя таго, 23 красавіка прадалі на аўкцыёне кватэру зняволенага праваабаронцы «Вясны» Уладзіміра Лабковіча.

Якая ступень пагрозы сваякам звычайнага эмігранта?

Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Святлана Галаўнёва пацвярджае «Белсату»: пераследуюць сваякоў не толькі ваяроў і вядомых актывістаў. Даволі часта ціснуць на сваякоў эмігрантаў, супраць якіх у Беларусі распачалі крымінальны пераслед, на сем’і палітвязняў і былых зняволеных, якія з’ехалі па вызваленні.

«Ёсць вельмі розныя мэты такога ціску, – тлумачыць юрыстка. – Часам ад людзей хочуць атрымаць нейкую інфармацыю, каб працу выканаць, атрымаць нейкія звесткі пра чалавека, які збег ад пераследу. Атрымаць звесткі, дзе той знаходзіцца, каб паставіць у вышук, скончыць працу па крымінальнай справе.

Але мне падаецца, апошні год, напэўна, даволі шмат выпадкаў, калі ціск на сваякоў аказваецца… проста дзеля ціску.

Гэта тычыцца не толькі ваяроў, якія ваююць ва Украіне, але агулам актывістаў, усіх людзей, якія за мяжой і неяк бачныя. Не на ўсіх, зразумела, але вельмі шырокае кола».

Гаворка не ідзе пра сотні ці тысячы, але, лічыць суразмоўца, ужо пра дзясяткі людзей.  Ды падкрэслівае, што праваабаронцы не ведаюць усіх выпадкаў. Былі і выпадкі масавага пераследу, як са справай «INeedHelp», і іншыя выпадкі, калі пераследавалі нават не сваякоў палітвязняў, а тых, хто, паводле логікі ўладаў, могуць быць звязаныя з арганізацыямі, якія аказваюць дапамогу.

Пытаем: а калі ўявіць звычайнага эмігранта, які, напрыклад, працаваў у IT-сферы, хадзіў на акцыі пратэсту ў 2020 годзе, з’ехаў за мяжу і выходзіў на акцыі ў эміграцыі, якая пагроза сваякам гэтага чалавека? Юрыстка разважае: дакладна не нулявая і дакладна не вельмі высокая. Пагроза можа залежыць ад «бачнасці» чалавека: калі ва ўмоўнай Варшаве асобны актывіст не такі заўважны, то ва ўмоўнай Інданезіі, дзе беларуская дыяспара меншая, кожны актывіст больш заўважны. Можа быць шмат індывідуальных умоваў, якія павялічваюць рызыку пераследу сваякоў.

Агляд
Ціск праз сваякоў – ганебны «інструмент» беларускага рэжыму
2023.11.07 07:30

Ціханоўская абяцае вярнуць кватэры

У Канцэпцыі кампенсацыі шкоды асобам, рэпрэсаваным у часе рэжыму Лукашэнкі, якую прэзентаваў Офіс Святланы Ціханоўскай, асобна распісанае вяртанне канфіскаванай маёмасці. Гэтую Канцэпцыю хочуць скарыстаць для змены законаў пасля змены ўлады ў Беларусі.

Паводле Канцэпцыі, калі ў рэпрэсаванага, напрыклад, канфіскавалі жытло і прадалі іншай асобе, то ўгоду могуць прызнаць неправадзейнай і патрабаваць вярнуць атрыманае паводле ўгоды ці пакрыць цану маёмасці грашыма. Добрасумленнаму пакупніку, які не мог ведаць пра адсутнасць законных правоў у прадаўца, выдаткі мае кампенсаваць дзяржава. Заканадаўства ў гэтай сферы ўжо ёсць, але яно недастатковае: нормы мусяць дапрацоўвацца. Дэмакратычныя сілы хочуць таксама замацаваць права адмовіцца ад вяртання маёмасці.

Аднак ні Офіс Ціханоўскай, ні іншыя дэмакратычныя сілы пакуль не прыдумалі, як вызваліць палітвязняў ці спыніць ціск на іхных сваякоў.

Агляд
Як у беларусаў адбіраюць дзяцей – з палітычных і непалітычных прычынаў
2023.10.20 13:45

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў