Кацярына Кастусёва выйшла на свабоду


Дачка палітзняволенага палітыка Рыгора Кастусёва ўсё-ткі выйшла на волю пасля трох содняў у ізалятары часовага ўтрымання УУС Магілёўскага аблвыканкаму.

Кацярына Кастусёва.
Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Кацярына Кастусёва была затрыманая 22 красавіка. Падкантрольныя спецслужбам тэлеграм-каналы апублікавалі відэа, на якім жанчыну прымусілі сказаць, што ў 2020 годзе яна аказвала судзеянне ПЦ «Вясна», а таксама – што яна нібыта зарэгістравалася ў чат-боце плану «Перамога».

Раней праваабарончая ініцыятыва MAYDAY.TEAM паведаміла, што Кацярына Кастусёва не выйшла з ІЧУ па заканчэнні 72 гадзінаў і, імаверна, застаецца пад вартай на падставе крымінальнай справы. Аднак пазней праваабаронцам стала вядома, што жанчыну ўсё-ткі вызвалілі. Які цяпер у яе статус – невядома.

Бацьку Кацярыны, старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, ужо больш як тры гады трымаюць у няволі. Палітыка затрымалі 12 красавіка 2021 года і абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». 5 верасня 2022 года яго пакаралі 10 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 15 студзеня 2024 года Кастусёва перавялі на турэмны рэжым – у гарадзенскую турму № 1. У зняволенні ў старшыні Партыі БНФ вельмі пагоршыўся стан здароўя, выявілася анкалагічная хвароба.

Гісторыі
Рыгор Кастусёў тры гады за кратамі. Пужаецца сябе, калі бачыць у люстэрку
2024.04.12 06:41

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў