У Горадні збіраюць подпісы за вяртанне памятнай табліцы ў гонар Касцюшкі. Яна знікла пасля зваротаў Бондаравай


У красавіку 2024 года са сцяны Новага замку ў Горадні знікла памятная табліца ў гонар Тадэвуша Касцюшкі – нацыянальнага героя, правадыра паўстання 1794 года, славутага нарадзінца Беларусі, якога шануюць у нашай краіне, а таксама ў іншых краінах свету – Польшчы, ЗША, Францыі. Цяпер неабыякавыя беларусы распачалі збор подпісаў, каб вярнуць памятную табліцу на месца. Адпаведная петыцыя з’явілася на платформе «Зручны горад».

Фота: e-petitions.by

Гэтая памятная табліца была ўсталяваная ў 1994 годзе – да 200-годдзя паўстання 1794 года.

«Тадэвуш Касцюшка здаўна шануецца жыхарамі Горадні – каля 100 гадоў у горадзе існуе вуліца Касцюшкі. У 1917 годзе да 100-годдзя з дня смерці героя гарадзенцы паставілі і памятную табліцу ў Кафедральным саборы Францыска Ксаверыя. Другую такую памятную табліцу жыхары Горадні паставілі ў 2017 годзе да 200-годдзя з дня смерці Касцюшкі. Яна мае надпісы на беларускай, польскай і англійскай мовах: «1817–2017. Тадэвушу Касцюшку – удзячныя нашчадкі», – пішуць аўтары петыцыі.

Зніклая памятная табліца расказвала пра візіт Касцюшкі ў Горадню ў Новым замку ў верасні 1794 года, дзе ён удзельнічаў у паседжанні паўстанцкай камісіі. На памятнай табліцы размяшчалася інфармацыя пра гэты важны і цікавы гістарычны факт.

«Мы лічым, што дэмантаж памятнай табліцы негатыўна ўплывае на турыстычны патэнцыял Горадні, збядняе нашую гісторыю, ідзе ў разрэз з прынятымі канцэпцыямі развіцця турызму і гасціннасці Беларусі. Просім растлумачыць, куды і чаму знікла памятная табліца і ў якія тэрміны плануецца яе вярнуць на законнае месца», – падкрэсліваюць аўтары петыцыі.

Збор подпісаў працягнецца да 8 траўня, пасля яе накіруюць гарадзенскім уладам. На момант публікацыі петыцыю падпісалі 56 асобаў.

Тадэвуш Касцюшка, гэтак жа, як Кастусь Каліноўскі, трапіў пад апалу пасля разгортвання прарасейскімі актывістамі антыпольскай кампаніі. У 2021 годзе, у 275-ю гадавіну з дня народзінаў, вакол асобы Касцюшкі ўзнікла вострая дыскусія. Нацыянальны гістарычны музей назваў яго нацыянальным героем Беларусі. Пасольства ж Расеі заявіла, што гэта гістарычнае невуцтва.

Летам 2023 года прарасейская актывістка з Горадні Вольга Бондарава хвалілася, што прасіла Гарадзенскі гарвыканкам прыбраць са спісу знакавых для гораду людзей у Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме беларускага героя Кастуся Каліноўскага, а пасля і Тадэвуша Касцюшку. Першага яна назвала «польскім тэрарыстам», другога – «змагаром за Польшчу супраць Расеі».

А восенню 2023 года ў школы беларускім настаўнікам былі дасланыя рэкамендацыі, паводле якіх яны мусяць распавядаць вучням, што Тадэвуш Касцюшка – патрыёт Польшчы, ягоная мэта – адрадзіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г., а параза паўстання Касцюшкі і падзелы Рэчы Паспалітай дазволілі захавацца беларусам як народу.

Агляд
Касцюшка і Каліноўскі як польскія патрыёты, генацыд беларусаў з боку палякаў. Чаму вучаць у школах Беларусі?
2023.09.26 18:08

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў