Польскае аб’яднанне прадпрымальнікаў «Zjednoczony Wschód» («Аб’яднаны Усход») звярнулася да дэпутатаў Сейму з патрабаваннем адкрыць пункты пропуску на мяжы з Беларуссю, паведамляе выданне «Wyborcza».
У адваротным выпадку аб’яднанне прапануе адкрыць праграму падтрымання прымежнага бізнесу, які нясе страты праз закрыццё мяжы.
Адзначаецца, што прадпрымальнікі таксама настойваюць на падаўжэнні выплатаў малым і мікрабізнесам, якія працуюць у раёне Беластоку.
Паводле аб’яднання, турысты, якія прыязджаюць з Беларусі, штогод выдаткоўвалі ў Польшчы € 124 млн, адпаведна на такую суму цяпер ацэньваюцца страты рэгіянальнага бізнесу.
Патрабаванні былі выстаўленыя перад офісамі спікера Сейму Шымона Галоўні і сенатара Мацея Жыўна ў Беластоку.
Жыўна ў адказ на патрабаванні назваў несправядлівым у дачыненні падляскага бізнесу закрыццё пераходаў толькі ў гэтым ваяводстве. Ён паведаміў пра намер звярнуцца ў Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыю Польшчы з просьбаю разгледзець магчымасць аднаўлення руху ў пункце пропуску ў Падляскім ваяводстве.
Да лютага 2023 года на мяжы з Польшчаю працавалі два памежныя пераходы, аднак з увагі на вырак журналісту і аднаму з лідараў польскай дыяспары Анджэю Пачобуту пункт «Баброўнікі – Бераставіца» закрылі. Тагачасны міністр унутраных справаў і адміністрацыі суседняй краіны Мар’юш Каміньскі выставіў умову: узнаўленне працы тэрміналу за вызваленне палітвязня. У Менску палічылі, што закладнік за кратамі важнейшы, чымся бесперашкодныя паездкі беларусаў у Польшчу.
Ася Саковіч belsat.eu